epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Хор пенсіянераў

У зале, стаіўшы дыханне,

Ловім басоў калыханне,

На сцэне — вуснаў трымценне,

Пенсіянеры — на сцэне.

 

У песню дух непакоры

Прынеслі былыя лётчыкі,

Дазорныя і сапёры,

Радысты і мінамётчыкі.

 

Мы чуем, як б’юцца іх сэрцы:

Юнацтва,

ізноў уваскрэсні

На вечаровай паверцы

У неўміручай песні...

 

Хадзілі калісьці ў атакі,

Спынялі грудзямі танкі,

Падалі і ўставалі

У ліхаманцы бою,

Суткамі не астывалі,

Жыццё засланіўшы сабою.

 

І перад наступам новым,

Свінцовыя цэлячы зрэнкі,

Ставілі ў гневе свінцовым

Уцекачоў да сценкі...

 

Сваю салдацкую памяць

Кропелькай не заплямяць

Тыя, чыё сумленне

І сёння ідзе ў наступленне.

 

Як пераможцам смерці,

Ім не дае памерці

Цяпер адчуванне гэта,

Што песня яшчэ не спета.

 

З вачыма, тугою замглёнымі,

Схіляюць скроняў проседзь,

Воплескаў нашых паклонамі,

Як лекаў ад старасці, просяць.

 

...Мы ахаем, ледзь не плачам,

Чуллівай кранутыя песняю,

Пляскаем —

дружна плацім

Апладысментамі пенсію.