epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Хвалю я подзвігі твае..."

Хвалю я подзвігі твае —

Адбіўшыся ў памытым люстры,

Якія скокі выдае

З табой на пару венік шустры.

Такі балет, што ахне свет.

І грацыёзна, і пявуча

Выконвае свой піруэт,

Па шыбе ходзячы, ануча.

Каго, скажыце, не кране

Вясёлае свавольства кія,

Што робіць рухі трапяткія,

Танцуючы па дыване...

З дзвярэй, і вокан, і паліц,

Што ўраз засвецяцца люстрана,

Зірне твой позірк, як з экрана,

Агнём гарэзных бліскавіц.

Усюды звонка паўстае

Стыхіі ачышчальнай хваля,—

Дзе пальцы бегаюць твае,

Нібы па клавішах раяля.

Хіба рука твая не ў тым

Свой сэнс адкрые таямнічы,

Што верне рэчам зноў абліччы,

Каб ззялі бляскам залатым?

* * *