epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Хвалю прыход..."

Хвалю прыход,

Але не той прыход,

Дзе пастар прыхаджан у зман уводзіць.

 

Хвалю прыход,

Як лепшую з прыгод,

Калі наведаць друга друг прыходзіць.

 

Хвалю будзённых радасцей прыход,

Прыход суботы і прыход свабоды

Ад дзённых хваляванняў і турбот.

Ад тлуму,

Што палоніць нас заўсёды.

Прыход,

Што адбываецца штогод.

 

Штодзень. Штоміг. Размах яго — шырокі.

Прыход вясны —

Маёй любві прыход,

Калі ў цішы гучаць званамі крокі.

 

Гучаць удары сэрцаў, як званы.

(Званар нябачны торгае вяроўку.)

Хвалю прыход шчымлівай навіны

Аб тым, што зелень свет адзела зноўку.

 

Сяброўскі круг, як добры сад, расце,

Працяг яго ва ўсе стагоддзі будзе.

Я адчыняю дзверы дабраце.

Прыходзьце, людзі!

Я люблю вас, людзі.