epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Ці многа ў маленстве трэба?.."

Ці многа ў маленстве трэба?

Ласкі.

Казкі.

І хлеба.

Ды крылы,

Каб з неба зорак

Прынесці на свой падворак.

Хлеб здабываў татка.

Ласку дарыла матка.

Казку бабуля адкрыла.

А мара давала крылы.

Бацьку спаткаць улетку,

Калі ён вяртаўся з палетку,

Я вылятаў за браму...

Бацьку вайна забрала.

Не ўмела бегаць матуля

Хутчэй, як шалёная куля,

Што секанула ля плота

З варожага самалёта...

Бабуля ўзваліла на плечы

Адна — за бацьку і маці —

Нялёгкі цяжар чалавечы

Штодзённых турбот у хаце.

Бабка маліла з любоўю

Бога, каб даў здароўя.

Глухі ж валадар неба

Не ведаў, чаго ёй трэба...

Палілі і распіналі.

Толькі былі не ў сілах

Паставіць да сценкі ў фінале

Мару маю аб крылах.

Мяне над смуткам і горам —

Хоць і на міг кароткі —

Крылы ўздымалі к зорам,

Таму я і вырас усё-ткі!

Без ласкі.

Без казкі.

Без хлеба.

Ці многа ў маленстве трэба?

* * *