epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Цётка

Я прыйшла да вас, як дадому.

З долі горкае, з голадам венчанай.

Я — дачка бліскавіцы і грому,

Я — сястра міласэрнасці вечнай.

Хоць я норавам цётка ціхуткая,

Мне ў хаўруснікі шторм абраны.

Верш мой, як дапамога хуткая,—

Там, дзе боль,

там, дзе крык

і раны.

Там, дзе воранам вораг каркае,

Я з зямлі паўстаю і бунтую,

Дабравольная санітарка,— я

Ласкай душы братоў бінтую.

Што пачуцці твае і думкі,

Калі ты іх з дыханнем знямелым

Унутры медыцынскай сумкі

Не прынёс да людзей пад абстрэлам!

Нас у сталасці,

як і змоладу,

Выпрабоўвае лёс без літасці.

Не памерла я там ад голаду,

Не памрыце вы тут ад сытасці.

Я свячу вам далёкаю зоркаю —

У бязбоязнай праўдзе чэрпайце

Слоў гаючых пілюлі горкія

Ад бяздушнасці і ад чэрствасці.

Будзь жа, муза, сястрой адвагі,

Каб чакала зямля твайго дотыку:

У акопе —

глытком з біклагі,

На рэцэпце — словамі доктара.

Дарагія мае пляменнікі!

Абдымаю сардэчна і цёпла,

Вас, аратыя і пісьменнікі...

Гэта — я,

Ваша Цётка.