epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Да Янкі Купалы

Чым нас прыцягваюць помнікі?

Натоўп каля іх ста*лы.

Ідуць ды ідуць паломнікі

У госці да Янкі Купалы.

 

З будзённасці тлумнай, з палону

Турботаў ракетнага века,

З грукату і з нейлону —

На споведзь да чалавека.

 

Зачараваным зрокам

У рысы гранітныя цэлячы,

Ідуць запаволеным крокам

Да простай і мудрай велічы.

 

Ціша абцасамі стукае...

Галовы схіляючы долу,

Ідуць, як з былога ў наступнае,

Як з вандраванняў дадому.

 

Як табе зараз у камені,

Сейбіт і буравеснік?

Паэт у сваяцтве з вякамі,

Усіх пакаленняў равеснік.

 

Не адгароджаны брамаю,

З намі вядзе размову ён

Моваю праўды — самаю

Лепшай у свеце моваю.

 

Чуюць яе здалёку

Аратыя і вучоныя.

Ідуць у адзіным патоку

Жоўтыя, белыя, чорныя.

 

Ах, як мы здолелі вырасці!..

Але нашчадкам у вечнасці

Ісці да Купалавай шчырасці.

Ісці да яго чалавечнасці.

 

Душы абудзіць паснулыя

Бунтарнага слова бясстрашша.

Купала — не толькі мінулае,

Купала — наступнае наша.

 

Да чысціні першароднае

Людзі прыходзяць па-рознаму.

Не зарасце народная

Сцежка да праўды і розуму.