epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Да раніцы з дум..."

Да раніцы з дум упарта

Белую пражу высноўваю,

Узяты пад зоркую варту

Бяссоннаю вясноваю...

Чую —

Шукаючы выйсця,

Бунтуе прыглушана лісце,

Палоненае ў пупышцы,

Упіраецца ножкамі ў донца,

Каб у зялёнай успышцы

Вытыркнуцца на сонца.

Чую —

хор безыменны

Тых, што з вайны не прыйшлі,

Помніка крык каменны

Вырас да неба з зямлі.

Камусьці спакойна спіцца

За гарызонтам крыку.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Спрабую ў трамвай прабіцца,

Быццам патрон у скрынку.

Загнанае, як у гета,

Выскаквае сэрца з грудзей...

Як расказаць пра гэта

Для ўсіх людзей?