epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Да запатрабавання

Вершы твае —

лісты

Да запатрабавання.

На пошце натоўп густы

Не растае ад чакання.

Расказвай жа, як жывеш.

Выкладзі праўду крутую...

Ці не ступіўся лямеш,

Што цаліну пластуе?

Па шчырасці напішы,

Дай адрасатам вызнаць,

Як у засеках душы

Зерні барознамі трызняць...

Не давярай пяра

Скарзе — бурчлівай бабе,

Што сваркі свайго двара

Падасць у сусветным маштабе.

Вычарпай словамі ты

Боль, і любоў, і лагоду —

Бо адрасуеш лісты

Ты чалавечаму роду.

У чарнавой чарнаце

Томіцца ноч спачатку,

Ды сонейка на лісце

Паставіць уранку пячатку!

І хай нават смерць-карга

Дастрочыць твой ліст апошні,

Будзе шумець чарга

Перад акенцам пошты.