epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Дацягнуцца..."

Дацягнуцца да старэйшых, вырасці

У маленстве так карцела мне.

Я свой рост штодзень цвіком па шчырасці

Адзначаў употай на сцяне.

І, калі прыгадваю, не верыцца,

Што неўтаймаваным хлапчуком

Я спяшаўся з дзецюкамі мерацца,

Стоячы на дыбачках цішком.

Дык чаму ж, свае вышыні хвалячы,

Пазіраю ўсё часцей туды,

Дзе знікаюць у туманнай далечы

Босыя хлапечыя сляды.

Нездарма, высокай мары пайшчыкі,

Памнажалі ўзносы мы свае.

Сёння сын, узняўшыся на пальчыкі,

Да пляча майго ўжо дастае.

І з няўтольнай смагаю нязвычнаю

Вуснам зараз трызніцца глыток

Той легенды, той вады крынічнае,

Дзе мая любоў бярэ выток...

Хоць у далячынь маленства росную

Немагчыма перакінуць мост,

Але так патрэбна і даросламу,

Як падлеткаў, мара навырост.

Растаюць перад вачыма сталасці

Даўніх летуценняў міражы.

Сталасць — гэта прага дасканаласці.

У якой няма ў жыцці мяжы.