epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Дапамога павінна быць хуткай..."

Дапамога павінна быць хуткай,

Дапамога павінна быць ціхуткай.

Скажыце, каму па душы дапамога,

Што пра сябе трубіць многа?

 

Хочуць, каб іх да неба ўзносіць

За крошку хлебную, што пазычаць,

Не памагайце, калі не просяць,

І не прыходзьце, калі не клічуць.

 

Часцей сумленне сваё турбуйце,

Не зневажайце яго законаў.

Дапамагаючы, не патрабуйце

Хвалы ліслівае і паклонаў.

 

Дапамагайце,

як дождж палеткам,

Дапамагайце,

як пчолы кветкам.

* * *