epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Дарога да зор

Гэта не сон летуценны,

Не казка,

Гэта не мроя старога фантаста.

Недзе ў бяздонных глыбінях сусвету

Вымпел чырвоны праносіць ракета.

Мы сонцы, што згублены ў змроку, знаходзім.

Дык будзь жа ласкавым, халодны прастор!

Не дні і не месяцы —

Тысячагоддзі

Ідуць неўміручыя людзі да зор.

Дасталася дорага гэта дарога —

Крутая дарога да неба з зямлі.

Кастры інквізіцыі,

Краты астрогаў

На ёй,

Як трапічныя джунглі,

Раслі.

На плошчах,

Дзе вогнішчы змрочна трымцелі,

Іменем бога раўлі званы...

Спаліць чалавечыя крылы хацелі,

Але, згараючы нават, ляцелі

Дымам нястрымным да зорак яны!

Гэта не сон летуценны,

Не казка,

Гэта не мроя старога фантаста.

Недзе ў бясконцых прасторах сусвету

Вымпел чырвоны праносіць ракета.