epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Давай не будзем..."

Рыгору Барадуліну

Давай не будзем ростам мерацца,

Як у дзіцячую пару.

Нам самы раз цяпер даверыцца

Свайму сумленнаму пяру.

Паблякне, што наспех расквечана.

Узважыць час крылом крутым,

Якое слова забяспечана

Запасам праўды залатым.

Няхай штукар з нутром уласніка

Крадзе жылплошчу ў вышыні.

А нам любоў і боль сучасніка —

Пароль у будучыя дні.

Ідзём, мінаючы выбоіны,

Туды, дзе песня і жыццё,

І ўладна вабіць адкрыццё

Вяршынь, якія не засвоены.

Калі ж галінка чалавечнасці,

Дзе ток цяпла твайго цячэ,

Зашапаціць на дрэве вечнасці,

Чаго яшчэ?

Чаго яшчэ? .

* * *