epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Давай у гарэзным шаленстве..."

Давай у гарэзным шаленстве

Рэха сваё паклічам

У лесе, нібы ў маленстве,

Зялёным і таямнічым.

Нас прыме гушчар глыбокі,

Краіна лагоднага шуму.

Гукнём мы: — Дзень добры, уцёкі

Ад мітусні і тлуму,

Ад грому ракетнай эры,

Ад паляўнічага вока

Суседа майго па кватэры,—

У каралеўства воўка!

Суніца, якую сустрэнем,

На вуснах салодка растане.

Дзень пад сасновым ценем

Шлюбнаю ноччу стане.

Трушчым сухую ігліцу,

Якая страляе, як порах.

Не выдасць ніхто таямніцу

Сэрцаў, што стукаюць поруч.

Змоўклі сарокі-трашчоткі.

Лісы пабеглі да нораў.

Мне даспадобы ўсё-ткі

Ляснога насельніцтва нораў.

Травінка трымціць трапяткая

У дзірцы прастрэленай каскі

Аб тым, як зямля чакае

Спозненай ласкі.