epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Давайце па парадку..."

Давайце па парадку —

Аб нашай пад’ёмнай сіле.

Усё-ткі ногі спачатку

Нас па зямлі насілі.

Здаўна чалавек —

непаседа —

Хацеў прыручыць акругу.

Прыходзіў сусед да суседа,

Прыходзіў друг да друга.

Хады пачатковая школа

Пашырыла небасхілы.

Потым — было кола.

Потым — былі крылы.

Спазнаўшы тайну гэту,

Што вечнасць —

твая маёмасць,

Нагой адпіхнуўшы планету,

Мы рушылі ў невядомасць.

Нам заўтра адчынена насцеж,

Спаборнікі і пабрацімы...

Ці ж едзем толькі да шчасця?

Ці толькі да ўцехі ляцім мы?

...На колах выспелы колас

Дрогка гайдаўся ўлетку.

Прывозіла смерць на колах

Насенне сваё на палеткі.

З-пад крылаў чорных кулі

На нашы галовы ляцелі.

...Дагэтуль нашу пад кашуляй

Аўтограф гвалтоўны на целе.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Мы, дзеці адной планеты,

Ля касы ў чарзе заўсёды

Так прагнем дастаць білеты

На рэйс да спакою і згоды.