epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Доля мая жытняя

Калі я цябе пакінуў,

Кранула асцём успамінаў

Ты, поле маё старажытнае —

Доля мая жытняя.

Даруй мне за ўцёкі злачынныя.

Пасеяўшы думы на полі,

Пайшоў я... Нібыта магчыма

Пазбегнуць уласнае долі!..

Зярністасць вясновага ворыва,

Што гэтак гаюча і здорава

Нас, басаногіх, уколе,

Ужо не забудзем ніколі.

Коўзкую плошчу тым часам

Шліфуючы пругкім абцасам,

Стукаем па бетоне,

Што поле трымае ў палоне...

Сцяблінкі жытнёвыя, дзе ж вы?

Мне ногі расінкамі джальце!

...Нейлонавыя падэшвы —

Прасамі па асфальце.

Мне страшна, мне сніцца начамі,

Што я ў разявак прад вачамі

Спрабую, як зерне з асфальту,

Прабіцца з каменнага гвалту.

Жыццём мы заручаны з полем,

Штодзённа і сеем, і полем,

І хай не заўжды пажынаем,

Зямлю, нібы вечнасць, кранаем...

Ці не аб поле, скажыце,

Дзе калыхаецца ў жыце

Дзіва надзённага хлеба,

Абапіраецца неба?

Адродзіцца тое, што страчана.

І ты застанешся, як спадчына,

Поле маё старажытнае —

Доля мая жытняя!

* * *