epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Дома

Здзіўленымі вочкамі малая

З хатняга закутка паглядае.

Не было ніколі гэтак дома:

Дзверы расчыніліся ў пакой,

І вайсковец нейкі незнаёмы

Туліць маму да грудзей рукой.

Пэўна, роднай, ёй балюча надта:

У начах заззялі кроплі слёз.

Пэўна, штось нярадаснае ў хату

Гэты чалавек чужы прынёс...

Паглядзела дзеўчынка і гушкаць

У калысцы ляльку пачала,

І на ветлы голас мой: «Дачушка...»

Нават і вачэй не падняла.

Я прывык валодаць аўтаматам,

Бездакорна па мішэнях біць.

Кажуць, што нядрэнным быў салдатам...

Ці ж змагу я добрым бацькам быць?