epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Дотык да зямлі

На дрыготных вазах рыпелі мы.

У ракеты запрэглі час.

Колы лёгкія і прапелеры,

Нібы лёкаі, носяць нас.

Даль праз шыбы машын намацваем

Мы, ад хуткасці жмурачы зрок.

Ногі жаласнымі ўтрыманцамі

Просяць: дайце ступіць хоць крок...

Хіба годнасць сваю раняеце

Тым, што пешшу ў жыццё пайшлі?

Я не ведаю, з чым зраўняеце

Радасць дотыку да зямлі.

Басанож — па мурожнай ваколіцы,

Дзе нядаўна гуляла каса,

Дзе гаючымі голкамі колецца,

Пранікаючы ў сэрца, раса.

На загоне нагамі боўтай

Па-грачынаму спакваля

У раллі, як у чорных ботах,

У якія абула зямля.

Кожны бачыць: усё высокае,

Што да сонца з зямлі паўстае,

Гадавана глыбіннымі сокамі,

Галубінаю ласкай яе.

Не хачу я спрачацца з крыламі,

Што за воблакі нас узнялі,

Але ведаю — страцім сілу мы,

Адарваўшыся ад зямлі.

Нездарма, калі мы, яе родзічы,

Адлятаем, яна ў журбе

Нас па-матчынаму праводзячы,

Так прыцягвае да сябе.

Я люблю падарожжы далёкія,

Я адведзіны неба люблю.

Ды ўздыхаю заўжды з палёгкаю,

Зноў ступаючы на зямлю.