epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Дунайскія русалкі

Рака, якая яднае,

Грызе граніту цвярдыні.

Выходзяць на бераг Дуная

Русалкі ў спаднічках міні.

Бяруць у палон жаночы.

Укралі іх круглыя плечы

Пукатасць зямлі, а вочы

У неба — бяздонне сінечы.

Паглядам кране такая —

Чарамі тайны акропіць,

І прорва вады трапяткая

Няўмольна цябе падхопіць.

Самага дужага, мабыць,

Не абміне небяспечнасць,

Русалка ў раку завабіць

І панясе ў вечнасць.

Гэта рака гайдае,

Гэта рака забірае,—

Такая маладая,

Такая, як свет, старая.

Д’ябал і бог у хаўрусе —

У вуснах мядовых — чарэшнях.

І я, бязбожнік, малюся

На гэтых красунь грэшных.

І нават святы апостал,

Што з фрэскі глядзеў посна,

З каменя раптам саскочыў,

Адчуўшы пагляд дзявочы...

І кідаюцца безвач,

Быццам у рай немагчымы,

Услед за русалкамі ў бездань

Апосталы і мужчыны.

* * *