epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Душ

Ты ўладарна шуміш у лазні,

Душ — магутнейшы вадаспад.

Мы без лазні,

нібыта вязні,

Хітраватымі ўбраннямі звязаны

З галавы і да самых пят.

Дык гуляй жа, гуляй, мачалінка,

Па шырокай тугой спіне.

Падначалены хвошча начальніка

Можа, гэтак, а можа, не!

Нам, аголеным, не да разбору.

Ходзяць тазікі, як чаўны.

Мы павесілі ў шафах уборы —

Мы павесілі нашы чыны.

Гардэроб — вясёлая вісельня:

Нешта вешаюць там заўжды.

Агаліла ўсіх нас і ўзвысіла

Ачышчальная сіла вады.

Адступаецца ўсё нязбытнае.

Боль — не боль.

І бяда — не бяда.

Нібы сам Адам першабытны

Ты —

і ў пары з табой вада.

Жар гаючы пяшчотна дорачы,

Быццам вечнасць, яна цячэ.

Нават сонейка гэтак горача

Падапечнага не апячэ.

Сотым потам цела ўспацела,

Ды пяе сваю песню душ...

Гэта штосьці не толькі для цела,

Гэта штосьці таксама для душ.

* * *