epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Два кубкі

Побач з кубкам шчасця на стале

Бог паставіў кубак,

поўны гора.

Пенаю адсвечвалі ў імгле

Па суседству —

мора каля мора.

 

Палажыўшы на плячо руку,

Усявышні раіў чалавеку:

— Пі штодзень па аднаму глытку —

Хопіць шчасця да сканчэння веку.

 

І да незвычайнага пітва

Паспяшаўся сын зямлі прыпасці.

Ледзь пакаштаваў —

і галава

Крута закружылася ад шчасця.

 

І зусім забыўшы пра наказ,

І нібы зрываючыся з кручы,

Выпіў ён салодкі вір ураз,

Асушыў да дна бакал шыпучы.

 

Але піць няўтольная душа

Неадольна зноў і зноў прасіла.

Смага, ледзьве чутная спярша,

Забрадзіла, як сляпая сіла.

 

Сп’яна не разгледзеўшы бяды,

Сын зямлі

прыгубіў кубак гора...

Так перамяшаліся тады

Шчасце з горам, нібы з морам мора.

 

Поплеч з чалавекам з той пары,

Дзе яго ні кіне падарожжа,

Ходзяць два варожыя віры,—

Хто, скажыце, іх развесці можа?