epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Дваццаты год

Свой доўгі сум нясе дамоў яна —

У гмах зіркасты, што ў зялёных сховах.

Адзін сляпы квадрат яе акна

Чарнее між агнёў шматпавярховых.

А недзе ў шафе пахавальны ліст

Яе ўдаўства мандат бестэрміновы.

...Ізноў з пупышкі выбухае ліст —

Атожылак вясновае абновы.

Дваццаты год яе цяжкой бядзе.

Не верачы ў круты прысуд паперы,

Дваццаты год яна адна ідзе

Па вуліцы сваёй жаночай веры.

Варочай успамінаў збіты куль,

Вышукваючы зерні дарагія.

Нібыта, ўваскрасаючы, адтуль

Дваццаты год вяртаюцца другія...

Ёй кроў, як токам, скроні апячэ,

Калі к суседзям нехта грукне ў дзверцы.

Дык, значыцца, не скончана яшчэ

Вайна, што замініравала сэрцы!

Агнёў аконных зіхатлівы шыфр

Высвечвае жыццё ярчэй за словы...

А хіба злічыш, колькі чорных шыб,

З якіх трывога не зняла заслоны?