epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Двое на беразе

Маладзіком пабеленыя

Ці сівізной,

Двое ішлі па беразе

Сцежкай адной.

Вузельчык, з далоняў звязаны,

Неслі яны.

Сэрцы раскутымі вязнямі

Білі ў званы.

Далёкія, блізкія, любыя...

Мора, пастой!

Размыты іх штампы шлюбныя

Хваляй крутой.

Змоўкнулі на паўслове:

Хваля — бабах!

Соль на губах наслоена,

Боль на губах.

Недзе дапытлівы горад,

Ды, як шчытом,

Агарадзілі іх горы

Дужым хрыбтом.

А мора пакутна вохала,

Бухала ўзбоч,

Вабіла і палохала,

Як шлюбная ноч.

Над грывамі хваляў, над чаўнамі,

Над гулам сівым

Двое ішлі, заручоныя

Морам самім.

* * *