epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Футбол

Гулкая асада стадыёна.

Ля ўвахода паставы ахрып.

Глухнуць нават трубкі тэлефона.

Заразіў футбол усіх, як грып.

 

Скаланецца, загрымеўшы ў ладкі,

Стадыён —

раскроены кавун.

І вось-вось, здаецца, як зярняткі,

Выпырснуць балельшчыкі з трыбун.

 

Скок — ігрок, і ў мяч ілбом да болю...

Дзе ты, шарык? Ты — ізноўку свой!

Пасвятлелі думкі аб футболе —

Бач, і тут працуюць галавой.

 

Тут адно ў ног улады многа,

Рук сваіх жа бойся, як біча,

Бо караюць суддзі вельмі строга

За рукапрыкладства да мяча.

 

Нехта к брамцы вырвецца знянацку:

Бухайце, балельшчыкі, ў званы!

Толькі гулка чокнуцца па-брацку

Два шары —

футбольны і зямны.

 

Натрэніраваным бумерангам

Пстрыкнуў мяч —

хоць плач ці закрычы.

Варатар, нібы апостал рангам:

Не ўпускае грэшныя мячы.

 

Сам свісток судзейскі заскандаліў —

Свіснуў іграку, як штрафніку.

Воплескі, як тысяча медаляў,

Выслізнуўшы, грымнулі ўбаку.

 

Галава закружыцца ад звону,

Як ад хмелю.

Але пі да дна

Трапяткую чашу стадыёна,

Як бы горкай ні была яна!