epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Гадзіннік

На поўны ход, на ўвесь размах,

Парыпваючы ржава,

Гудзеў гадзіннікавы гмах —

Маленькая дзяржава.

Рыпеў і пеў метал цяжкі —

Гарбінкі ды зарубкі.

Падналягалі рычажкі,

Пакручваліся шрубкі.

І вось пачуўся гук начны —

Прыгожы і ўладарны.

Ва ўсе званы, ва ўсе званы

Біў малаток ударны.

— Бяссонна дбае кожны з нас,

Каб быў гадзіннік спраўны.

Працуем дружна мы на час —

І велічны, і слаўны.

Клапочам у імя гадзін

Спаянасці і згоды...

І толькі маятнік адзін

Вагаецца заўсёды...

І ўвесь гадзіннік пакрысе

Завёўся ў звонкай сполцы.

Наперабой гудзелі ўсе —

Спружынкі, гайкі, колцы.

— Як трэба толькі закруці —

І выцягнецца ў струнку!

— Павінны рухацца ў жыцці

Усе ў адным кірунку!

І ўжо сталёвым кулачком

Ад злосці нехта бразнуў.

І збіты маятнік маўчком

Хіснуўся і завязнуў.

І ў той жа міг спыніўся час —

О страшнае каварства! —

Знямела ўраз, застыла ўраз

Гадзіннікава царства.