epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Гамоняць калоссі

Гамоняць калоссі,

Шугаючы хвалямі,

З блакітнымі высямі,

З сінімі далямі.

 

Нясу я вітанне

Ўраджаям нябачаным,

І зімам, і вёснам,

І лету гарачаму.

 

Пагляну —

І плуг той на міг уваскрэсне,

Што ўвосень тут межы

Навек перакрэсліў.

 

Прыгадваю зерне,

Што з сеялак новых

У глебу лілося,

Як дожджык вясновы.

 

Каб рунь,

На марозе не стынучы,

Спала,

Зіма яе пухам сваім

Пакрывала.

 

Каб жыта

Гаючай набралася сілы,

Вясной яго

Хмарка

Дажджамі паіла.

Улетку

Праменнае шчодрае сонца

Дарыла святло сваё

Нівам бясконца.

 

Ад ранку да вечара

Сонца глядзела,

Каб жыта

Бурштынавым зернем

Паўнела.

 

То ўстане высока,

То схіліцца нізка,

Як маці

Над роднай дзіцячай калыскай.

А ветрык

Духмянаю свежасцю дыша,

Як нянька старанная,

Ніву калыша...

 

Гамоняць калоссі,

Шугаючы хвалямі,

З блакітнымі высямі,

З сінімі далямі.