epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Гары, маё святло

Калі я доўга засяджуся дома,

І пасварыцца можам мы, вядома.

Куплю білет у шлях — як індульгенцыю

На ўсё, што нас да лаянкі вяло.

Зірну з трывожным сумам на акенца:

— Гары, дрыготкае святло.

Хай самая найгоршая вандроўка,

Са мною ты — найлепшая сяброўка.

Заблытаўшыся ў снезе, вецер енчыць.

Сумётамі дарогу замяло.

Як мне цяпер патрэбен твой агеньчык!

— Гары, жаданае святло.

Падумаю — і зашчыміць ад болю:

Маглі ж і размінуцца мы з табою.

Мне сёння свет — вясёлка шматкалёрная.

Я не ўяўлю,

А што б тады было.

Няўжо ён мне здаваўся б толькі чорным?

— Гары, маё адзінае святло!

Калі з табой скіруемся ў вандроўку,

З якой ужо не вернемся ізноўку,

Нясмела недзе ўвечар грукнуць дзверцы,

Заззяе і пагасне ў вокнах шкло...

А можа, гэта ўспыхнуць нашы сэрцы?

— Гары, маё святло!