epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Гімн цвярозасці

Я знаю пах віна і смак чарэшні.

Я сам зусім не праведнік бязгрэшны.

І ўсё ж складаю гучны гімн цвярозым:

Няхай жыве да веку ясны розум!

Ды вось жа пляшкі на стале пасталі,

Як ідалы на хісткім п’едэстале.

І рыльцы іх нацэлены, як жэрлы,—

Ідзе ў атаку ідал ненажэрны!

І ты прад ім адразу рукі ўгору.

Усё адно ці з радасці, ці з гора —

Ты пляшкаю, якую ўраз асушыш,

На суткі сонца сам сабе патушыш.

І задрыжыць відэлька ў пальцах слізкіх...

Ты — злодзей!

Ты крадзеш у самых блізкіх:

У любай — непадораную ласку,

У сына — нерасказаную казку.

Прададзены падманлівым акрасам,

Ты і чэрніш і лакіруеш разам.

І лак, і дзёгаць у тваім бакале

Прытулак для абдымкаў адшукалі.

Ты — дэзерцір! Ты завярбован страхам,

Сам ад сябе ўцякаеш гразкім шляхам.

І языком,

Як малатком,

Кляпаеш.

Бяжыш —

І за крысо мяне хапаеш.

Таму я і складаю гімн цвярозым:

Няхай жыве да веку ясны розум!

Калі ж не можа свет зусім без п’яных,

Дык лепш ужо хмялець ад губ каханых!