epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Голас вечнага хлопчыка

Я — з грознай былі,

Я — з гнеўнай песні.

Я — хлопчык вечны,

Я — ваш равеснік.

 

Мяне таксама

Бацькі любілі,

Але чужынцы

Мяне забілі.

 

Ляцелі ў дыме,

Ляцелі ў гуле

Наперагонкі

Са мною кулі!

 

Хоць бег я хутка,—

Аж дых займала,—

Усё-ткі куля

Мяне дагнала...

 

Вам пакідаю

І ўзлёт, і песні

Я, вечны хлопчык,

Я, ваш равеснік.