epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Граніца

Стараннымі аратымі ўзарана

Палоска ўздоўж дзяржаўнае мяжы.

Яна дыміцца на зямлі, як рана,

Якая просіць лекаў:

— Памажы!

Тут зернятка баіцца ўпасці ў ворыва,

Прыпасці, як да маці, да раллі,

Каб потым,

быццам выкрытага ворага,

Яго пад трыбунал не аддалі.

На цэнтр палоскі сігануў з разбегу

З чародкай натапыранай травы,

Як перабежчык, адуванчык белы:

Бярэ яго на мушку вартавы...

Цябе, як арыштанта, пад штыкамі

Скруцілі

пагранічныя драты,

Зямля мая, ты круцішся вякамі —

Няўжо не можаш выкруціцца ты?

Ты ў спрасаванай атмасферы хмарышся,

Спрабуючы парваць спавівачы...

Як быць табе?

Хіба суседу Марсу

Зямныя пазыўныя пракрычы.

Няўжо твае паселішчы людскія

Не больш як заапарк глуханямы?

Дзяржавы быццам клеткі, у якія

Саміх сябе пазаганялі мы...

Вам, што здаўна над межамі варожыце,

Я пакажу абшар зямлі без меж,

Дзе, разарваўшы дзірваны варожасці,

Граніцы нівам перадаў лямеш.

Мы — людзі!

Мы павінны парадніцца,

Крануць пласты адвечнай цаліны...

Планету падпяража не граніца,

А млечны пояс роснай збажыны.