epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Гульня

Адгрымеў даўно сорак пяты.

Ды штовечар з майго двара

Чужакам наступае на пяты

Выбуховым абвалам «ура».

Нехта бухае ў бляху таропка —

Пошчак, нібы ад залпу гармат.

Гулка ставячы кропку за кропкай,

Строчыць цацачны аўтамат.

Затрашчалі парканаў клеткі,

Пашчапаныя, як ад куль...

Ах, равеснікі міру, падлеткі,

Ваяўнічасць у вас адкуль?

Дзецям ставяць у школе двойкі

Па гісторыі продкаў, дзе

Ад малой да вялікай бойкі

Кожны ліст, як набат, гудзе.

Ім не ўцяміць, як цяжка маткам.

Брацкіх могілак цішыня

Аўдавелым крычыць салдаткам,

Што вайна — благая гульня.

Раны — памяці нашай зарубкі.

Пакалечаны шар зямны

Абеліскі ўздымае, як рукі,

Галасуючы супраць вайны...

Але дзе яно, войска грознае?

Раптам бой у двары заціх.

Гоняць маці дадому розгамі

Дарагіх гвардзейцаў сваіх.