epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"І азірацца..."

І азірацца па баках рыўкамі,

І кідаць з нецярплівасцю пагляд

На безнадзейна цёмны цыферблат,

Дзе стрэлкі зноўку развялі рукамі.

 

Чакаць на скрыжаванні, дзе з імжы

Плывуць дамы і людзі ў карагодзе.

Дык ты на колькі познішся, скажы,

На міг адзін ці на адно стагоддзе?

 

— Такой бяды! —

Мне голасам цвярозым

Настойліва дае параду розум.

Ды, як у ступе, сэрца ўсё таўчэ,

Стукоча тупа:

— Пачакай яшчэ!

 

На лужынах — бліскучы хрусткі лёд.

Здаецца, што прахожыя нястомна

Мяне вачмі свідруюць навылёт,

Мой смутак агаляюць бессаромна.

 

На мокрых лісцях клёнаў дзень пагас,

Мы паасобку ноч ізноў прыгубім,

Як любім мы, калі чакаюць нас...

І як жа самі мы чакаць не любім.