epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"І я калісь лавіў..."

І я калісь лавіў за грыву хвалі,

Што вокамгненна кланяліся дну.

Мне мора па пуцёўцы выдавалі,

Нібыта хлеб па картачцы ў вайну.

 

Да пены белагрудага прыбою

Прытулішся, а тут яна — бабах...

І выкіне на бераг. І з сабою

Насі палынны прысмак на губах.

 

Не запакуеш акіян у скрынку,

Нібы багаж, каб звезці ў іншы край,

Дзе суша, быццам чэрствая скарынка,

Дзе ад няўтольнай смагі памірай.

 

Ды я з табой спаткаўся, як з вадой,

І вецер хвалі пругкія лістае.

Я — кантынент,

я морам абрастаю,

Нібы тысячавёрстай барадой!

* * *