epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"І я стаяў..."

І я стаяў на галаве,

І я хлапечымі рукамі

Хадзіў па ранішняй траве —

Амаль метровымі рыўкамі.

 

Прастуючы па дзірване,

У тым шукаў я суцяшэння,

Каб нехта, ўбачыўшы мяне,

Уголас ахаў ад здзіўлення.

 

Я сёння зноў на ногі стаў,

Адчуўшы востры дотык шчасця.

Чаму ж спяшаўся без падстаў

Зямлю ў сваіх падэшваў красці?

 

А ўсё ж, відаць, у нейкі міг

Зрабіць такую стойку трэба,

Каб месцамі ў вачах тваіх

Мяняліся зямля і неба...

 

Свой добры цуд нясе гульня,

Парыў буянства непаўторны,

Калі і дол і вышыня

Табе, чараўніку, пакорны.

 

І ты свавольніка не лай,

Калі пабачыш, як падлетак

На галаве ідзе — няхай

Ён да пары паходзіць гэтак.

* * *