epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"І раптам снег..."

І раптам снег, як навіна.

Злятаюць белыя ахапкі

На дах, на двор, на сінь акна,

На галаву маю без шапкі.

Гукаю ў думках:

— Добры дзень,

Чаканая неспадзяванка!

Хутчэй жа паліто надзень,

Мая дрыготная заранка.

Туды, дзе спіць завеяў свіст,

Нясі сваёй душы ўзрыўчатку.

І зноў жыццё —

як белы ліст.

І зноў усё пішы спачатку.