epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Ідзём далей..."

Ідзём далей, ідзём далей:

Світае ў дымцы сіняй...

За юбілеем юбілей —

Вяршыня за вяршыняй.

У спешцы, як усе, іду.

Дарожныя турботы:

Ледзь паспяваю на хаду

Здымаць старыя боты.

Удачам новым чалавек

Ужо стукоча ў брамку.

Далей ад траў, далей ад рэк —

Усё ў адным напрамку.

Далей ад чысціні крыніц,

З якіх пілі мы неба,

Далей ад росных медуніц,

Ад ворыва, ад хлеба...

Ах, як далёка мне відно

З ракетнага пагорку:

Калі на дыбкі стаць адно —

Рукой дастанеш зорку!

Зямное прыцяжэнне — прэч!

І ўжо гняце, як цяжкасць,

Бязважкасць рук,

Бязважкасць плеч

І — галавы бязважкасць.

Таму і вабіць так здаля

Усё, што змалку блізка:

Мой дом, мой кут, мая зямля,

Майго жыцця калыска.