epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Імклівасць майго рыўка..."

Імклівасць майго рыўка —

І пырскі да зор узлятаюць,

Прымай жа мяне, рака,

Як родзіча дома прымаюць.

Нібыта агнём апячэш

Сваім халадком небяспечным.

Між пальцаў маіх цячэш,

Віруеш у рэчышчы вечным...

Я ў плыні тваёй заўжды,

Як рыбіна, лёгкі і ўвішны...

Не марна гавораць, з вады

Далёкія прашчуры выйшлі.

Рака, навучы мяне

Бяссоннаму неспакою,

Рака, навучы мяне

Хваляю быць трапяткою.

Рухацца, каб берагі

Галінамі дрэў махалі,

Каб на вадзе кругі

Зорную высь калыхалі.

Не толькі цела — душу

Ты ўмееш палоніць цікава...

Ды не занось, прашу,

Не закалыхвай ласкава.

Ты любіш дужых, рака,

З загартаванымі дружыш.

Калі ж здранцвее рука,

Ты і мяне закружыш.

Ускаламуціўшы сінь,

Як човен, у пырсках белых

Я рассякаю плынь —

І набліжаю бераг.