epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Інтэрнат

У цяперашнім студэнцкім інтэрнаце на Дунайскім

узбярэжжы, дзе летам

праходзяць міжнародныя семінары

славістаў, адразу пасля вызвалення

Браціславы размяшчаўся савецкі

ваенны шпіталь.

 

 

 

Чаму вы не чуеце крыку?

Крычалі —

Першы і апошні раз:

— Ма-ма!

— А-а-а!

Дагэтуль не моўкне

Каменнае рэха сцен.

А вы не чуеце.

Шаноўныя знаўцы моў,

Можа, вам перакласці

Крык

на вашы родныя мовы?

Крык гучыць аднолькава зразумела

Па-руску і па-англійску,

Па-польску і па-нямецку...

Выбухі смеху.

Чаму вы не чуеце крыку?

Я ў табе,

Ты ва мне,—

Інтэрнат —

Прытулак крыку,

Прытулак смеху.

Скаланаліся сцены ад выбухаў бомб,

Сцены дрыжаць ад выбухаў смеху.

Смех, як і крык,

Гучыць аднолькава зразумела

Па-руску і па-англійску,

Па-польску і па-нямецку...

Весялосці гуллівы вірус.

Звонкай радасці феерверк.

З крыку

Смех

Вырас,

Як з падмурка паверх.