epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Я, дапытлівае хлапчаня..."

Я, дапытлівае хлапчаня,

Ніяк зразумець не магу

Цудаў люстэрка:

Як усё-ткі ўмяшчаецца

У такім маленькім шкельцы

Мой двайнік?

І я круціў-вярцеў

Люстэрка,

Пакуль яно не выслізнула з пальцаў

І не разляцелася ўшчэнт,

І з кожнага асколка,

Нібы дражнячы,

На мяне пазіраў

Мой двайнік —

Паказваў язык...

А маці ў дадатак

Свавольніка

Адлупцавала.

Такою была

Плата

За прагу пазнання.

* * *