epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Я думаў, ты мая турбота..."

Я думаў, ты мая турбота

Лятучая, як ранкам дым.

А ты — высокая работа,

Маёй душы пакутны ўздым.

Я думаў, ты глыток паветра,

Гаючае святло расы.

А ты — гарачы подых ветру,

Якому рухаць парусы.

Я ўпотай думаў, ты ў прыполе

Адданы мне румяны хлеб.

А ты — няўзоранае поле,

Ты не крануты плугам стэп.

Я думаў, ты цяпло кватэры,

Дзе ўдвух люляе цішыня.

А ты — зачыненыя дзверы,

Якія адмыкаць штодня.

Ты — нібы скарб, любоў мая,

За сургучом сямі пячатак.

Ах, як наіўна думаў я,

Што ты вянец. А ты пачатак.

* * *