epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Я і ты

Я і ты. Ды лісцяў шум лагодны...

Каб цябе, вясна мая, знайсці,

Трэба мне было агні, і воды,

І драты калючыя прайсці.

У дарогу камандзіравала

Нас тады няўмольная вайна,

І камандзіроўку адзначала

Мне на целе кулямі яна.

Можа, сотні раз на полі бою

Падаў, ды не ўпаў я назусім.

Зноўку, узнімаемы табою,

Я вяртаўся ў строй, к сябрам сваім.

І таму мне так бясконца родны

Гэты вечар, што пяе кругом,

Маладзік і лісцяў шум лагодны

Над тваім расчыненым акном.