epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Я не забыў

Я не забыў той непаўторны час,

Калі спяшаў да любай першы раз

І стукаў потым асцярожна ў шкло,

Каб ад спалоху шчасце не ўцякло.

З тае пары прайшло нямала дзён,

Вяртаюся з дарогі ў позні час

Да родных, да нягаснучых акон,

Куды ўжо стукаў незлічона раз,

Дзе свой і шум, і цішыня свая

І дзе не госць, а муж і бацька я.

І ўсё ж, як падыходжу да дзвярэй,

Заб’ецца сэрца нехаця мацней.

Затоіш подых, насцярожыш слых,

Сябе адчуеш юнаком на міг

І стук такі ж амаль нячутны ў шкло,

А гэта значыць, шчасце не ўцякло.