epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Я столькі год..."

Я столькі год тужыў па баразне,

Прыцягвала мяне няўмольна глеба.

І рукі акунуць карцела мне

У ворыва, што мае водар хлеба.

 

Адлегласці і далечы — далоў!

Хаця б гадзіну адпачыць дазвольце.

Пясчынкі поля, пальцы мне мазольце,—

Я гавару з глыбінямі без слоў.

 

Хай у зямлю ўпіраецца мой зрок

Ды баразна вядзе да небакраю:

Я дотыкам далоні — што ні крок —

Сузор’е бульбяное адкрываю.

 

Перад раллёй, дзе кожны свежы ком

Трымціць, нібы з крылом скаваным пташка

Так лёгка я згінаўся юнаком

І так цяпер раблю паклоны цяжка.

 

Ты падзялі, зямля, са мной віну,

Што Млечны Шлях мігае прад вачыма...

Хіба не ты мяне араць вучыла?

Таму вяду і ў неба баразну!

 

Усё-ткі я адзін з тваіх сыноў,

З якога ўрэшце ўсе дакоры здымеш.

Я знаю — да цябе вярнуся зноў,

І ты мяне як роднага абдымеш.