epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Я свой былы спакой..."

Я свой былы спакой раскалышу,

Я спакушу сябе прыходам свята.

Хай прымушае трапятаць душу

Чаканне свята, як чаканне свата.

Будзь блаславёны шчодры той парыў,

Разбег таго шчаслівага азарту.

Калі здаецца ўсё, што ты стварыў,

Не больш як пачатковы крок да старту.

Трыумфу шчасця непазбежны цуд

Ужо змятае з небасхілу хмары.

Не, на яго я не малюся тут —

Ляплю па ўзору чалавечай мары.

Маёй удачы птушка не ўцячэ,

І я пакутам палявання рады.

Усе мае ўрачыстыя парады

Наперадзе, наперадзе яшчэ.

Хіба не нам гадуюць свята будні?

Каб наталіць тугу на вышыні,

Ты па-зямному пакланіся студні,

Вядром з яе сузор’е зачарпні.

І лёс людзей, і рэчышча падзей

Акрэслівай натхнёна і чаканна

Сваім святлом, як добры чарадзей,

Высокае напружанне чакання.