epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Я вас люблю..."

Я вас люблю,

Начныя ліхтары —

Зямныя намеснікі сонца.

Як бы позна я ні вяртаўся

Са спаткання з каханай

Ці з новай планетай,

Мяне сустракаеце вы,

Мяне праводзіце вы.

 

Тыя, хто вас запаліў,

Даўно адышлі ў сон;

Ды лёгка ступаю я

У акіян ночы —

Па астраўках сонца,

Па астраўках дня.

 

Хіба не той,

Хто вас запаліў,

Цяпер ад мяне

Адводзіць цемру,

Адводзіць страх,

Адводзіць самоту

Сяброўскімі далонямі святла?

 

Выводзіць з былога,

Нібы з сіла*,

Прасека ў цемры.

Калідор святла.

Дзякуй вам, ліхтары!