epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Я ведаю, з жыцця не зробіш казку..."

Я ведаю, з жыцця не зробіш казку,

Але пытаю ўсё ж не ўпершыню,

Чаму скупыя гэтак мы на ласку,

Чаму скупыя мы на дабрыню.

 

Варожасць нас касіла і ламала,

Калечыла і нішчыла датла,

І прасавала гвалтам... Хіба ж мала

Былых вякоў нянавісці і зла?

 

Жыцця і смерці прасявала сіта

Нас, што, як зерне, падалі на ток.

Пакут і жахаў зведалі дасыта,

Эпоха, дай нам радасці глыток!

 

Ах, нам букеты з любасці і руж бы

Штодня дарыць дарослым і малым!

Масты трывалай чалавечай дружбы

Узводзіць над адоленым былым...

 

Развеяць бы бяссонныя ўспаміны,

Як рэшткі даўніх навальнічных хмар...

Гэй, хто там па-зладзейску ставіць міны

Пад рэйкі нашых зорных дум і мар?

 

У нас усіх — крутыя абавязкі,

Выратавальны круг якіх відзён.

Калі мы не ад лютасці да ласкі

Ідзём сягоння, дык куды ідзём?