epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Я з вёскі

Вуголлем у мае страляе сны

Касцёр вясны, што не паспеў ачахнуць.

Я выйшаў з вёскі, выйшаў з баразны,—

І ворывам мае далоні пахнуць.

Смыляць дасюль на пальцах мазалі,

Набраклыя цяжкой п’янлівай стомай,

Майму нашчадку сёння невядомай...

Паўстаў я жытам да святла з зямлі!

На вішнях цвет пад вечар закіпаў,

Духмяны, нібы пена сырадою,

Калі я рукі ў баразне купаў,

Перш як абмываць крынічнаю вадою.

Я, аратай, абуджаны вясной,

За плугам дыбаў цяжка і бясконца,

Нібы з канём у вупражы адной

Выцягваў з цемры воз зямны да сонца...

Я спасцігаў навуку вышыні,

У цёплай глебе грузнучы па пояс.

Працягваю і ў сённяшнія дні

Жыцця майго жытнёвую аповесць.

Стаяць нябёсы на маім плячы.

Калі б, зямля, ты не дала мне хлеба,

Ці змог бы дацягнуцца я да неба,

Аб зорны келіх губы апячы?

* * *