epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Я заўжды з асалодай..."

Я заўжды з асалодай дзіўлюся,

Як гаспадыня

Ператрасае кватэру,

Праветрывае рэчы,

Як з-пад руплівай рукі

Навыперадкі

На балкон вылятаюць

Лянівыя дываны,

Сеннікі з пацярухай былога

І поўныя салодкіх сноў падушкі...

Наладзіўшы ім лупцоўку,

Выбіўшы палкаю пыл,

Яна пакідае іх

Сам-насам з ветрам і сонцам,

З небам і зоркамі...

Любуючыся гаспадыняй,

Я думаю пра сябе,

І мне здаецца, што душа мая

Падобна часамі на спальню,

Дзе так утульна спачываюць

Мары,

Якім да сонца ляцець,

Думы,

Якія свет скалануць,

Ідэі,

Што створаць зямлю нанова...

Адчыняю акно душы —

Трэба праветрыць

Яе заляжалыя скарбы,

Выбіць з іх пыл мінулага,

Даць глыток свежасці,

Каб не змарнелі

Ад кіслароднага галадання.