epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Як лёгка ты ідзеш..."

Як лёгка ты ідзеш на вуліцы

У плацці,

Пашытым з шаўковага воблака

І ганарыстасці,

Нібы робячы ласку

Зямлі

Кожным дотыкам басаножкі —

Пругкага дырыжабліка...

Як лёгка ты ідзеш,

Такая

Паветрана недасяжная,

Што нават свавольнік вецер,

Крануўшы плацце тваё,

Пашытае з воблака і ганарыстасці,

Напалохана

Сігануў у хмызняк...

Як лёгка ты ідзеш,

Схаваўшы ў маленькую сумку

Адну нецярплівую думку:

Дзе ж ён, той адзіны на зямлі,

Хто дапаможа табе

Зняць

Немагчымы гэты цяжар,

Пашыты з шаўковага воблака

І ганарыстасці?

* * *