epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Як мару лепшую сваю..."

Як мару лепшую сваю,

З якою расстаюся зараз,

Я маладым перадаю

Рамантыкі ружовы парус.

Запрэжаны, нібы гняды,

Без паэтычнае аздобы

Я валаку свае гады,

Свае турботы і хваробы.

І неба тое, што калісь

Душу акрыленую стала

У зорную гукала высь,

Над галавою столлю стала.

І вецер той, з якім даўно

Мы бегалі наперагонкі,

Ускочыць раптам праз акно,

Адкрытае рукою жонкі.

І ўжо — мацней, вятрыска, дзьмі —

Трапечуць парусы, не шторы.

Я пераймаю зноў грудзьмі

Уздыбленай стыхіі штормы.

...Кручуся ў хатнім коле я,

Няўмольным, як абдымкі кобры.

Бывай, рамантыка мая!

Мая рамантыка, дзень добры...

* * *