epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Як рой, сняжынкі

Як рой, сняжынкі кружацца, лятаюць

І на яе гарачых вуснах таюць...

Ўдваіх ідзём мы. Цішыня над намі.

Я ёй усхвалявана гавару,

Як я люблю свой горад вечарамі

У зімнюю, марозную пару.

Я гавару... А ў памяці яе

Вясна ў сяле далёкім паўстае.

...У цвеце сад — краса вясновай вёскі.

Бялеюць не сняжынкі, а пялёсткі,

І падаюць на бераг ручая,

Дзе, заглушыўшы ціхіх вод усплёскі,

Ёй першае «люблю» сказаў не я.